ВАСІЛЬ БЫКАЎ АБ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ СЫМБАЛЯХ
14.08.2008 - 09:17:21
Вядома, што нацыянальная сымболіка - атрыбут нацыі. Сьцяг і герб не ствараюцца пад кожны палітычны момант, ці пад пэўнага ўладатрымальніка - яны вечныя і спрадвечныя.

Калі ж на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад Нараджэньня Хрыстовага ў якой нацыі няма гэтай сымболікі, дык няма і нацыі, і наўрад ці ўжо будзе. Шчасьце беларусаў у тым, што гэткая сымболіка ў нас ёсьць, яна дайшла да нас ад сівой даўніны. Але яе ў нас скралі, нахабна абрабавалі нацыю, што страшней за эканамічны рабунак і аналягічна нацыянальнаму генацыду. Ужо адно тое, ня кажучы пра рабунак свабоды, робіць рабаўнікоў злачынцамі - злачынцамі перад нацыяй. Нават калі яны спрабуюць падмяніць, падкласьці замест сьвятыні фальшыўку і патрабаваць да яе павагі, як да сьвятыні. Гэта ўжо падвойнае злачынства - перад нацыяй, перад гісторыяй, перад хрысьціянскай маральлю, таксама абрабаванай рабаўнікамі.

Народны пісьменьнік Беларусі, Васіль Быкаў

ЯК УЗЬНІКЛІ НАШЫЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ СЫМБАЛІ
13.08.2008 - 10:12:01
Яшчэ ў старажытнасьці, каб адрозніць сваіх ад чужынцаў у часе збройных сутычак, ужывалі знакі-сымбалі. У славянскіх плямёнаў такімі знакамі былі кавалкі пераважна чырвонай тканіны на дрэўку - сьцягі, або харугвы.

Каб не блытацца з аднаколернымі сьцягамі, на іх малявалі асабістыя князеўскія знакі, што звычайна паходзілі з паганскай сымболікі. Беларускія войскі і княская ўлада ў полацкім перыядзе нашае гісторыі таксама карысталіся чырвонымі харугвамі. Праўда, мы ня ведаем, якія знакі-гербы былі на іх. Гэта маглі быць выявы хрысьціянскіх сьвятых ці полацкі варыянт «Трызуба». У першай палове ХІІІ стагодзьдзя на заходняй частцы Полаччыны пачало фармавацца Вялікае Княства Літоўскае як працяг старажытнай дзяржаватворчай традыцыі беларускага народа. Успрыняўшы полацкую палітычна-эканамічную і культурную спадчыну, князі новае дзяржавы па-ранейшаму карысталіся чырвонымі сьцягамі. А пачынаючы зь Гедыміна іх дынастыя мела за герб відазьменены «Трызуб» полацкіх Рагвалодавічаў, які пазней атрымаў найменьне «Калоны» («Калюмны»). Дзяржаўным жа (уладарным) гербам Вялікага Княства з другой паловы ХІІІ стагодзьдзя сталася выява збройнага рыцара на кані - «Пагоня». Лічыцца, што напачатку яна была гербам Полацка, а таксама Новагародка. Ад пачатку ХV стагодзьдзя на шчыце «Пагоні» ўжо сустракаецца шасьціканцовы крыж з карацейшай верхняй перакладзінай. Такія крыжы былі тыповымі хрысьціянскімі сымбалямі ў Беларусі ў ХІ-ХІV стагодзьдзях. Першыя ж зьвесткі пра сьцягі з выявамі «Пагоні» паходзяць ад часу Грунвальдзкае бітвы (1410 год).

Зь цягам часу ў Эўропе распаўсюдзілася традыцыя адзначаць на сьцягу герб у выглядзе ўмоўнай каляровай палосы. Згодна з законамі геральдыкі, верхнюю частку сьцяга павінны быў займаць колер гербавай выявы, а ніжэй зьмяшчаўся колер самога сьцяга. Гэтак не пазьней за пачатак ХVІ стагоддзя і ўьзнік наш бел-чырвона-белы сьцяг, дзе верхняя палоса - колер «Пагоні», сярэдняя - спрадвечны колер самога сьцяга, а ніжняя - колер рыцарскага шчыта на «Пагоні» (адзначым, што акрамя белага былі і іншыя варыянты колеру шчыта: чырвоны, сіні). Найбольш старажытная выява беларускага сьцяга захавалася на карціне, прысьвечанай пераможнай бітве нашых продкаў з маскоўцамі пад Воршай (1514 год). Пасля акупацыі Беларусі ў канцы ХVІІІ стагодзьдзя Расейскай імпэрыяй «Пагоня» ўжывалася ў гербах некаторых беларускіх гарадоў і адміністрацыйных тэрыторый. Часам выкарыстоўваліся і колеры сьцяга як знак адрозьненьня вайсковых фармаваньняў, рэкрутаваных з тэрыторыі Беларусі. Пад час антымаскоўскіх выступленняў «Пагоня» скарыстоўвалася паўстанцамі.

У 1918 годзе, з адраджэньнем нашае дзяржаўнасьці, герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг становяцца дзяржаўнымі сымбалямі Беларускае Народнае Рэспублікі. Пасля ўсталяваньня ў Беларусі бальшавіцкага рэжыму ўжываньне нашай гістарычнай дзяржаўнай сымболікі жорстка каралася, ажно да працяглых тэрмінаў зьняволеньня ў канцлягерах.

Крыніца: "150 пытаньняў і адказаў зь гісторыі Беларусі"

18.07.2008 - 00:29:12

© Sciah.info Усе правы абароненыя // пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на sciah.info абавязковая.